"ФЭСТ"
Фальклор, Этнаграфія, Спадчына, Традыцыі
”Святое Вялічка ды гуляць вяліць з красным яечкам”
Вядома, што Вялікдзень - найважнейшае каляндарнае свята беларусаў, да якога старанна рыхтаваліся. Яно вельмі важнае, бо звязана з уваскрашэннем укрыжаванага Хрыста. А яшчэ мае шмат урачыстых момантаў, неабходных для абавязковага выканання.А каб даведацца дэталёва аб гэтым свяце, сфарміраваць уяўленне аб своеасаблівых момантах - сімвалічным значэнні фарбаваных яек-крашанак і яек-пісанак,прыходзе валачобнікаў, прымераць на сабе ролі гаспадара і гаспадыні, якія гасцінна сустракаюць жаданых гасцей і частуюць іх, удзельнікі гуртка “ФЭСТ”падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне “Святое Вялічка ды гуляць вяліць з красным яечкам”. Дзецям было цікава даведацца аб тым, што ў апошнюю нядзелю перад Вялікаднем, якая называлася Вербніцай, вернікі асвячалі ў царкве галінкі распушчанай і ўпрыгожанай каляровымі стужкамі або рознымі кветкамі вярбы, якою білі адзін аднаго з прыгаворам : «Вярба б'е, не я б'ю, за тыдзень - Вялікдзень, Вялікадня дачакай, ужо недалечка чырвона яечка. Будзь здаровы, як вада ! Будзь багаты, як зямля !” Гаспадар з прыгаворамі абыходзіў, сцёбаючы, усю жывёлу, пабудовы, агарод, поле, магілы продкаў. Асвенчаная ў царкве вярба абавязкова захоўвалася да наступнай Вербніцы.
Увага гурткоўцаў была скіравана і на сімвалічнае значэнне апошняга перадвелікоднага тыдня.. Асаблівае значэнне надавалася чацвяргу, які называўся ”чысты”, бо ўсё прыбіралі ў доме. А вось велікодная ноч з суботы на нядзелю - святочная. Яна называлася Усяночнай.
У прадстаўленні паказана, як гаспадары падрыхтаваліся да "пасхі": на стале фарбаваныя яйкі, пірагі, мяса. І ўсё гэта асвячалі ў царкве. Зранку, пасля Усяночнай, ўнучка прыносіць гаспадарам свянцонае.Хрыстосуецца і гаворыць пра ежу. А бабуля навучае, што трэба спачатку адварам памыцца, у якім фарбаваліся крашаанкі-яйкі, каб хвароб не баяцца.
А дзядулем не толькі ўспамінаецца пашыраная ў народзе на Вялікдзень гульня “Біткі”, але і расказваецца, як гэта патрэбна рабіць, каб выйграць шмат “біткаў”.
Самай прыгожай часткай святкавання Вялікадня з'яўляўся прыход гурта валачобнікаў са спяваннем віншавальных песень гаспадару, гаспадыні, Падыходзілі да акна, пыталіся дазволу і потым спявалі:
"Ой, ці ж дома ты, слаўны пане?
Ці спіш, ці ляжыш, ці адпачываеш?
Калі спіш ці ляжыш-дык Бог з тобою,
А не спіш, не ляжыш - дык гукай са мною."
Цікавым у прадстаўденні было выкананне песень з качаннем па зямлі яек-крашанак,запрашэнне гаспадароў у карагод, частаванне велікоднымі пірагамі ды адыход з хаты да другога двара.
На падставе тэатралізаванага абыгрывання свята Вялікадня вучні змаглі дакрануцца да традыцыйнай культуры нашых продкаў, папоўніць патрэбны запас моўнай скарбонкі, адчуць вартасць пачатай справы.
“Ішла Каляда калядуючы”
Нашы продкі здаўна ўмелі сустракаць і праводзіць святы (Гуканне вясны, Грамніцы, Купалле, Сёмуха або Тройца), звязаныя з каляндарным ці зямельным цыкламі. Нельга не ўзгадаць і пра Каляды, якія пачыналіся ў каталікоў 25 снежня, а ў праваслаўных вернікаў 7 студзеня – з дня Божага Нараджэння — Раства.
Паводле традыцый нашых продкаў са з’яўленнем на небе першай зоркі (24 снежня – у каталікоў і 6 студзеня –у праваслаўных) сям’я садзілася за стол, засланы белым абрусам, пад які клалі сена. Усе стравы на стале былі посныя. Абавязковай з’яўлялася каша з пярловых або ячменных круп.
Запаліўшы свечку і памаліўшыся, сям’я пачынала вячэраць. Гэта была ўрачыста - шанавальная перадкалядная посная куцця.
Пасля поснай куцці пачыналіся зімовыя святкі: ад 25 снежня да 6 студзеня – у каталікоў і з 7 студзеня да 19 студзеня (Вадохрышча) –у праваслаўных. Адзначалі і яшчэ дзве куцці: багатую (шчодрую) і вадзяную.
Падчас зімовых святак, якія былі ў гонар зімовага сонцазвароту і каляднага мясаеду пасля Піліпаўскага посту, адбываліся сапраўдныя тэатралізаваныя народныя карнавалы. Да нашых дзён захавалася адна з самых яркіх традыцый – каледаванне, падчас якога юнакі і дзяўчаты, так званыя калядоўшчыкі, апраналіся ў цыганоў, кабылу, казу, жорава або мядзведзя, хадзілі па сяле, спявалі песні-калядкі, скакалі пад скрыпачку і бубен, у заключэнне выконвалі велічальную песню гаспадарам дома з самымі шчодрымі пажаданнямі, а ў адказ атрымлівалі пачастункі.
Да сёлетніх зімовых святак-калядак старанна рыхтаваліся і ўдзельнікі гуртка “ФЭСТ”, які дзейнічае ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №8 г. Гродна” і ўжо не першы год знаёміць сваіх наведвальнікаў з фальклорам, этнаграфіяй і традыцыямі беларусаў. Напярэдадні каляднага свята гурткоўцы з асаблівай цікавасцю вывучалі яго гісторыю,знаёміліся з традыцыямі правядзення, падбіралі прграмны матэрыял, рабілі спробы выканаўцаў дзеючых калядных асоб. Праведзеная праца аказалася не дарэмнай. На праваслаўныя Каляды гурткоўцы выступілі перад настаўнікамі і малодшымі вучнямі школы з тэатралізаваным прадстаўленнем ”Ішла Каляда калядуючы”. Падчас мерапрыемства гледачы сустрэліся з каляднымі героямі: шчодрай Калядой, павадыром казы, Казой, Цыганом, Цыганкай, кабылаю. Добры настрой у прысутных падтрымлівалі прыгожыя беларускія песні-калядкі ў выкананні спеўнага гурта.
Праграмны змест дадзенага мерапрыемства спрыяў пашырэнню кругагляду дзяцей, абагачэнню іх новымі музычнымі ўражаннямі, станоўчымі эмоцыямі праз выкананне калядных песень і гульняў, садзейнічаў развіццю творчай актыўнасці, прывіццю любові да беларускай народнай творчасці.
БЕЛАРУСКI НАЦЫЯНАЛЬНЫ КАСЦЮМ
Гісторыя змен народнага касцюма на Беларусі дазваляе больш глыбока зразумець патрэбы, эстэтычныя густы, сімволіку духоўнай і матэрыяльнай культуры і быт беларусаў, якія адлюстроўваюць характар таго ці іншага перыяду гісторыі і ўмовы прыроднага асяроддзя.
Касцюм - тая частка духоўнага і матэрыяльнага свету, у якім найбольш ярка выяўляюцца этнічныя асаблівасці. Кожны народ стварае яго ў адпаведнасці са сваімі эстэтычнымі і этычнымі прадстаўленнямі. Пасля мовы касцюм можа служыць важнай этнічнай прыкметай. Адзенне належыць да найбольш яркіх элементаў матэрыяльнай культуры беларусаў, захаваўшае свае асаблівасці на працягу стагоддзяў, нягледзячы на сацыяльны і іншаземны прыгнёт і знешні культурны ўплыў суседзяў.
На занятках нашага гуртка навучэнцы мелі магчымасць пазнаёміцца з разнавіднасцямі мужчынскіх і жаночых касцюмаў беларусаў, даведацца , што такое намітка, ганавіцы, брыль, камізэля, жупан і інш., прагледзець прэзентацыю аб элементах жаночага і мужчынскага касцюмаў, апрануць беларуса.
БЕЛАРУСКI ХАТНI ПОСУД
Для чалавека вельмі важна не толькі дыхаць родным паветрам, любавацца цёплым сонейкам, але і адчуваць сябе часцінкай Радзімы, яе гісторыі і культуры, традыцый продкаў. Народная мудрасць сведчыць: “Калі не ведаеш, адкуль прыйшоў, то не ведаеш, куды пойдзеш”.
Пад такім дэвізам праходзяць заняткі гуртка “ФЭСТ”.
Нядаўна наведвальнікам гуртка выпала магчымасць пабываць на кухні старажытных беларусаў і даведацца, што такое апалонік, для чаго выкарыстоўваецца дзяжа… Навучэнцам пашчасціла нават патрымаць у сваіх руках збаны і гарлачы, якімі, магчыма, карысталіся і нашы дзяды і прадзеды...
ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ
21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Роднай – значыць любімай, дарагой, самай-самай. Беларусам многія могуць пазайздросціць: у спадчыну нам засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова.
Конкурс “Азартны тузін” у рамках работы аб’яднання па інтарэсах “ФЭСТ” быў прысвечаны гэтаму святу і накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы.
Падчас гульні наведвальнікі гуртка пашырылі свае веды пра багацце роднай мовы праз конкурсы “Аматары беларускага фальклору”, “Беларускі каляндар”, “Песеннае багацце” і іншыя.
КУЛЬТУРНЫЙ ЦЕНТР «ФЕСТИВАЛЬНЫЙ»
Учащиеся объединения по интересам “ФЭСТ” посетили культурный центр “Фестивальный”. Они смогли увидеть макет старого Гродно, познакомиться с историей древнего города, принять участие в виртуальной экскурсии по улицам Гродно. Ребята заочно “побывали” на Республиканском фестивале национальных культур, а также прикоснулись к истории этого мероприятия через стекляные сувениры выставки.
МЫ ГУЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Наша беларуская мова прыгожая, мілагучная, сакавітая і душэўная. Конкурс “Мы гуляем па-беларуску” у рамках работы аб’яднання па інтарэсах “ФЭСТ” быў прысвечаны гэтаму святу і накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, садзейнічаў выхаванню цікавасці і любові да роднага слова.
Вучні 6-х класаў прынялі ўдзел у расшыфроўцы плаката
Ты любіш маму?
мама = мова
адгадвалі загадкі, праявілі сябе ў інсцэніроўцы ўрыўкаў са школьнага жыцця, а таксама збіралі “рассыпаныя” прыказкі.
Свята Каляды
Любімае многімі традыцыйнае свята - гэта Каляды. Старажытны народны звычай, які шмат хто памятае яшчэ з дзяцінства. Гэта і весялосць, і добры настрой, і ўсхваленне гасцінных гаспадароў. Прынята апранаць касцюмы і хадзіць па хатах, разыгрываць прадстаўленне.
А яшчэ адной традыцыяй на Каляды з’яўляецца паказ п’есы “Цар Ірад” у батлеечным тэатры. Праца па падрыхтоўцы да прадстаўлення пачалася яшчэ восенню. Наведвальнікі гуртка захапіліся ідэяй стварэння батлейкі і лялек сваімі рукамі. Шмат часу заняла падрыхтоўка, але гэта было таго варта. Цудоўныя атрымаліся лялькі і сама батлейка. А самае галоўнае, што ўся гэтая “казка” створана з любоўю ўласнымі рукамі.
ПЕРАМОГА
Сплендзер Аляксандра, удзельніца аб’яднання па інтарэсах “ФЭСТ”, які дзейнічае пры музеі Дружбы народаў, стала лаўрэатам II ступені Міжнароднага краязнаўчага конкурсу “Красота родного края”.
Аляксандра прыняла ўдзел у намінацыі “Нацыянальная кухня” з работай “Бульба – другі хлеб беларусаў”.
ЗАВОЧНАЕ ПАДАРОЖЖА ПА КАРЦЕ БЕЛАРУСІ
Удзельнікі гуртка здзейснілі завочнае падарожжа па сваёй краіне. Яны пабывалі ў Мінску, Магілёве, Брэсце, Гомелі, Лідзе, з радасцю прайшліся вуліцамі малой радзімы – г.Гродна. У ходзе завочнага падарожжа гурткоўцы знаёміліся з самымі вядомымі і знакамітымі пабудовамі роднага краю (касцёлы, цэрквы, замкі, тэатры, вежы, музеі і інш.). У многіх гарадах і мясцінах школьнікі былі на сапраўднай экскурсіі.
Дзіцячы фальклор
Тэрмін “дзіцячы фальклор” вельмі шырокі. Ён аб’ядноўвае ўсе віды вуснай народнай паэзіі, створанай дарослымі для дзяцей, і творчасць саміх дзяцей. Сюды ж уваходзяць і тыя творы, якія хаця і ствараліся для дарослых, але з цягам часу перайшлі ў разрад творчасці для дзяцей:
- дзіцячыя песні;
- дзіцячыя гульні;
- забаўлянкі (пацешкі);
- лічылкі;
- дражнілкі.
Удзельнікі гуртка спявалі прапанаваныя ім дзіцячыя песні, пазнаёміліся з сучаснымі дзіцячымі гульнямі, вывучылі некалькі лічылак і дражнілак, а таксама пацешак. Вучні зразумелі, што беларускі дзіцячы фальклор вельмі багаты.
Традыцыі ў нашых сем’ях
На адным з заняткаў мы расказвалі пра традыцыі ў нашых сем’ях, бо радзіма для дзяцей пачынаецца з сям’і. Сям’я – гэта асноўны падмурак, дзе фарміруецца асоба маленькага чалавека. Вельмі важна, каб сямейная атмасфера была цёплай і спрыяльнай. Калі малое дзіця адчувае сябе часткаю гэтай сям’і, ён правільна пачынае разумець акружаючы яго свет.
Фарміраванне духоўнага вобліку дзіцяці ў сям’і павінна быць скіравана і праходзіць у атмасферы культу роду, сярод партрэтаў продкаў, радаводаў, паданняў пра славутую даўніну, экспанатаў, што звяртаюцца з мінуўшчыны да сучасніка і спрыяюць выхаванню пачуцця гонару за сваю нацыю і свой народ
Рэцэпты беларускай кухні
Удзельнікі гуртка з радасцю прэзентавалі рэцэпты беларускай кухні. Дзяўчынкі 5-ых класаў расказалі пра нацыянальныя беларускія стравы, якія гатуюць у іх дома: дранікі, бабка, зацірка, клёцкі, аладкі з яблыкамі, мачанка, пірагі з яблыкамі і інш.
Таксама было арганізавана чаяпіцце са смачнымі ласункамі.
Поліўка беларуская
50 г жытняга хлеба, 25 г сушаных грыбоў, 1 морква, 1 цыбуліна, 1 ст. лыжка тлушчу, 1 ч. лыжка тамату-пюрэ, 1,2 л мяснога булёну, 0,5 шклянкі смятаны, соль.
Загадзя замочаныя грыбы адварыць, булён працадзіць праз складзеную ўдвая тканіну, грыбы нашаткаваць. Жытні хлеб нарэзаць лустачкамі, падсушыць у духоўцы, змяльчыць, заліць невялікай колькасцю гарачага булёну, накрыць, пачакаць, пакуль астыне. Пасля гэтага хлебную масу працерці праз сіта, змяшаць з рэштай мяснога булёну, уліць грыбны адвар.
Абсмажыць на тлушчы дробна парэзаныя моркву і цыбулю разам з таматам-пюрэ, пакласці ў булён, які кіпіць. Дадаць падрыхтаваныя грыбы, соль, варыць 7-10 хвілін.
Падаць поліўку са смятанай.
Кулага
400 г ягад, 70 г мёду, 2-3 ст. лыжкi мукi.
Свежыя ягады прамыць, паставіць іх варыцца на агонь. Развесці пшанічную або жытнюю муку ў невялікай колькасці вады. Калі ягадная сумесь разварыцца, дадаць у яе папярэдне разведзеную муку і падсаладзіць атрыманую масу мёдам або цукрам. Старанна змяшаць і варыць на слабым агні, перыядычна памешваючы. Страва павінна стаць падобным на кісель па кансістэнцыі.
Гатовую саладуху варта падаваць да стала з белым хлебам, блінамі, а запіваць - малаком.
Верашчака
500 г свініны з прорасцю, 1-2 цыбуліны, 1 шклянка хлебнага квасу, соль, перац, лаўровы ліст.
Свініну нарэзаць, пасаліць, паперчыць, абсмажыць з абодвух бакоў. На сале, якое вытапілася, абсмажыць дробна парэзаную цыбулю. Мяса з цыбуляй перакласці ў сатэйнік, заліць хлебным квасам і патушыць на невялікім агні 10 хвілін.
Падаць з бульбяным пюрэ або блінамі.
Бульба ў гаршчочку
10 бульбін, 1 шклянка смятаны, зелень кропу, лаўровы ліст, перац гарошак, соль.
Ачысціць бульбу, пакрышыць, пакласці ў гліняны гаршчочак, дадаць соль. Заліць смятанай, паставіць у печку і тушыць пад крышкай да гатоўнасці. Пасыпаць парэзаным кропам і падаць з салатай са свежай агародніны. Можна дабаўляць пры тушэнні грыбы, мяса.
Бабка
Беларуская традыцыйная страва. Мясцовыя назвы – дранка, агульнік, маўчун, дзед, бульбяная каша. Драную бульбу заскварваюць салам, мясам з цыбуляю, перамешваюць, выкладваюць у змазаны тлушчам посуд. Часам у бабку дадаюць муку, крупы, грыбы. Гатовую бабку звычайна прыпраўляюць маслам, салам, або ядуць з малаком, смятанай, настоем з брусніц, журавін, бярозавым сокам.
Мачанка па-сялянску
Мачанка, альбо верашчака, традыцыйная страва для мачання бліноў. Кавалкі свініны і сырой сялянскай каўбасы абсмажыць. Пшанічную або ячную муку развеці халоднай вадой, уліць у кіпень бесперапынна памешваючы, да ўтварэння рэдкай мучной падлівы. Дадаць лаўровы ліст, сельдэрэй, соль, падпечаную цыбулю, кавалкі сала, свініны і сялянскай каўбасы. Паставіць на 20-25 хвілін у духоўку. Згатаваную мачанку падаваць з блінамі.
Хлебны квас
Жыткі хлеб нарэзаць на лустачкі, высушыць, крыху падсмажыць на слабым агні. У невялікую драўляную бочку ўліць гарачую ваду, дадаць сухары, прарошчаны буйна молаты ячмень, мёд, усё перамяшаць і паставіць на 23 дні для закваскі ў цёмнае халаднаватае месца. Перыядычна здымаць пену. Квас вытрымаць на холадзе 5-6 дзён, затым працадзіць.
200 жытніх сухароў, 20 г ячменю, 50 г мёду, 5 л вады.
Зацірка
Беларуская страва. Названа так, бо кавалачкі цеста заціраюць.
Бяруць з прыгаршню мукі, паўшклянкі вады, можна яйка, адну чайную лыжку солі. Пераціраюць рукамі, пакуль не зробяць шарыкі. Вараць у салёнай вадзе, малацэ, падаюць з пасмажанай цыбуляй просам, маслам альбо з малаком.
Шчаеўнік
У кіпячы мясны бульён пакласці бульбу, нарэзаную кубікамі, і зварыць яе да поўнай гатоўнасці. Дадаць вымытае і нарэзанае шчаўе, хлебны квас, давесці да кіпення. Шчаўевік пасыпаць здробленай зелянінай, паліць смятанай.
300 г шчаўя, 300 г мяса, 2 бульбіны, 25-50г смятаны, 1 шклян-ка хлебнага квасу, зеляніна, соль.
Аладкі з яблыкамі
У цёплым малацэ або вадзе развесці цукар, соль і дрожджы, пакласці муку, яйка, добра перамяшаць і паставіць у цёплае месца на 2,5-3 гадзіны. Яблыкі нарэзаць скрылькамі і пакласці ў цеста перад выпечкай.
Сталовую лыжку апусціць у разагрэты тлушч, затым асцярожна ўзяць цеста разам са скрылькамі яблыка і пакласці на патэльню. Абсмажаныя з абодвух бакоў аладкі падаць з маслам, смятанай або мёдам.
1,5 шклянкі мукі, 2 яблыкі, 1 яйца, 0,25 л малака, 10 г дражджэй, 60 г тлушчу, 25 г цукру, соль
Кругазварот народных святаў
Удзельнікі гуртка ахвотна прынялі ўдзел у стварэнні плаката «Кругазварот народных святаў», які дапамог пазнаёміцца з беларускімі народнымі святамі, асабліва тымі, якія гурткоўцам невядомы.
Задача ўдзельнікаў заключалася ў тым, каб назву свята суаднесці з малюнкам, а таксама з народным выказваннем або вершам пра свята.
Калядная батлейка
Трэцяга студзеня 2020 года дзіцячым прышкольным лагеры «Рэспубліка Спадчына» адбылося незвычайная дзея ... Дзяцей наведаў незвычайны тэатр, для якога не патрэбныя велізарныя залы, вялікія сцэны, масавая трупа. Усё, што спатрэбіцца - пара акцёраў, некалькі лялек, скрыня з двума ўзроўнямі. А выступаць можна на кирмашы, на парозе хаты ці пасярод вуліцы ... Без народнага тэатра - батлейкі - яшчэ некалькі стагоддзяў таму было цяжка ўявіць якое-небудзь свята. Аб даўняй традыцыі добра памятаюць у ДУА «Сярэдняя школа №8 г. Гродна».
У цэнтры залы - батлейка. Гучыць музыка, з'яўляюцца лялькі, спектакль пачынаецца .... Пастаноўку «Цар Ірад» паказалі дзеці, якія наведваюць гурток па інтарэсах «ФЭСТ».
Усе гледачы, затаіўшы дыханне, назіралі, як ажываюць лялькі, зробленыя ўмелымі рукамі ўдзельнікаў гуртка. З пастаноўкі рабяты даведаліся пра гісторыю з'яўлення Іісуса, убачылі жорсткасць цара, які загадаў забіць усіх немаўлят, а потым за свае дзеі трапіў у пекла.
Аднак прадстаўленне складалася не толькі з тэатральнай пастаноўкі. Гледачы прынялі ўдзел у каляднай варажбе, конкурсе на самага кемлівага, пачулі калядныя песні. Як і прынята ў гэтыя чароўныя дні, у паветры лунаў дух радасці і запалу.
Бульба – другі хлеб беларусаў
Занятак быў прысвечаны беларускім стравам, якія гатуюць з бульбы. Удзельнікі даведаліся пра тое, як бульба трапіла ў Еўропу, што ў Беларусі бульба вядома з 1850г.
Бульба – важная крыніца вітаміна С. Яна багата мінераламі і мінеральнымі рэчывамі. Сыры бульбяны сок іншы раз прымяняюць пры лячэнні страўніка.
Сярод агародніны бульба самая каларыйныя. Бульба заваявала сабе трывалае і пашанае месца на нашым стале. З яе вараць сотні страў, яе ядуць раніцай, у абед, увечары. Бульба корміць мільёны людзей, і яе справядліва называюць другім хлебам чалавецтва.
У ходзе занятку таксама ўспомнілі пра рэцэпты нацыяльнах страў з бульбы (дранікі, бабка, бульба ў гаршчочку і інш.), прыказкі і прымаўкі пра ежу.
Асаблівасці нацыянальнага адзення
Яркім здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі з’яўляецца народнае адзенне. Беларускае народнае адзенне фарміравалася на працягу стагоддзяў. Таму лічыцца, што пасля мовы народнае адзенне – найважнейшая этнічная прыкмета.
Адзін з заняткаў гуртка быў прысвечаны асаблівасцям нацыянальнага побыту (адзенню, упрыгожванням). Удзельнікі гуртка дэталёва разгледзелі беларускі нацыянальны жаночы касцюм, пасля чаго з лёгкасцю адказалі на прапанаваныя пытанні:
1. Якія колеры ў касцюме пераважаюць?
2. Што сімвалізаваў чырвоны колер?
3. З якіх элементаў складаецца касцюм?
3. Якія геаметрычныя фігуры характэрны для жаночага касцюма?
4. Які матэрыял выкарыстоўваўся?
Сёння у нашай хаце свята
Удзельнікі гуртка прэзентавалі свята Вялікдзень сярод вучняў 1-2-х класаў і пазнаёмілі з велікоднымі традыцыямі:
• як з’явілася свята;
• чаму колер яек чырвоны;
• захаванне велікоднага абруса на працягу цэлага года;
• абмыванне дзетак чырвоным яйкам.
Артысты-пяцікласнікі спявалі частушкі, вадзілі карагод, расказвалі вершы пра Вялікдзень.
Гледачы высока ацанілі выступленне юных артыстаў, выказваючы словы падзякі.