top of page

Сцэнарый мерапрыемства
“У госці да восені”

Мэта:  пазнаёміць дзяцей з адлюстраваннем восеньскіх з’яў у народным календары і творах мастацтва, у цікавай форме даць звесткі аб звычаях, абрадах, святах (Багач, Узвіжанне, Пакроў) беларускага народа.

У сцэнарыі прыводзяцца народныя прыкметы, загадкі, скорагаворкі, гульні выкарыстаны вершы беларускіх паэтаў.
Ход занятка

Вядучы. Добры дзень, мае сябры! Сёння я прынесла вам беларускі народны каляндар. Ён пазнаёміць вас са звычаямі, прыкметамі, павер’ямі, гульнямі беларускага народа. Сёння мы даведаемся з вамі пра чароўныя старажытныя святы, але, перш чым адкрыць каляндар, я хачу пачуць, што вы ведаеце пра восень. 

(Адказы ўдзельнікаў)

Вядучы. Малайцы! Цяпер я адкрываю першую старонку календара. (Чытае.) Верасень.
Дзеці, а ці ведаеце вы, што абазначае беларуская назва месяца? Не ведаеце? Тады ўважліва слухайце. Ёсць у сасновым лесе невысокая расліна з маленькімі лілова-ружовымі кветачкамі – верас. Верас расце нізка, уецца па ўзлеску, цвіце ранняй восенню. Адсюль і назва першага месяца восені. Давайце разам скажам: Ве-ра-сень.

Вядучы. У верасні адбываюцца перамены ў прыродзе. Зараз я загадаю вам загадкі пра гэтыя змены. За адгадкі – салодкі пачастунак.


Вясна прыгрэе – кажух надзене,
Зіма наступае – кажух скідае.
(Дрэва і лісце)

Усе паны паскідалі жупаны,
Толькі тры у жупанах стаяць.
(Сасна, елка, ядловец)

Ніколі шапкі не здымае,
Бо ні адной рукі не мае.
(Грыб)

От бабуля важна села і глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць,
як зачэпім – будзем плакаць.
Гэта злосная бабуля называецца ...(цыбуля).

У бабулі родны брат ласкавейшы быццам,
А да слёз давесці рад так, як і сястрыца.
Ты не вельмі плач, сынок, калі шчыплецца .. (часнок).

Гэта што за важны туз? Хвост зялёны, чэпкі вус?
Усім вядомы карапуз Пузан Пузанавіч ...(гарбуз).

З вусамі, а не стары, зайздросныя вочы.
За што-небудзь на двары учапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох. Ну, на тое ж ён ...(гарох).


Вядучы. Пра верасень яшчэ так гавораць: “Халодны верасень— ды сыты”. Як вы думаеце, чаму так гавораць?

(Адказы ўдзельнікаў)

Вядучы
А цяпер, каб вы не сумавалі,
трэба, каб у конкурсе сябе паказалі.
Хто з завязанымі вачыма болей клубняў адгадае,
той смачны пачастунак атрымае. 
(Гульня “Адгадай садавіну/ агародніну”)
Вядучы. Пераварочваем наш каляндар. Пасля заканчэння збору ўраджаю адзначаецца старажытнае свята – Багач, Багатнік. Яно праводзіцца 21 верасня.
Да гэтага часу ўсякія работы на полі заканчваліся, а калі дзе і пераворвалі зямлю, дык толькі пад позневясеннія цеплалюбівыя культуры – авёс, грэчку і іншыя. Дбайны ж гаспадар імкнуўся да Багача закончыць усе палявыя работы і нават пачысціць і схаваць да вясны земляробчы інвентар, які ў прыказках да гэтага свята называецца “рагачом”. У народзе казалі: “Прыйшоў багач – кiдай рагач, бяры сявеньку – сей памаленьку”. Асноўная ж сялянская праца ад гэтага часу працягвалася ў гумне, асеці, млыне.
“Багачом” называлi таксама кошык з жытам i свечкаю (жыта намалочвалi з першага зажыначнага снапа i зносiлi па жменьцы з кожнага двара) (паказаць Багач). З “багачом” абыходзiлi ўсе двары ў вёсцы. На двары стаіць стол, накрыты белым абрусам, устаўлены снапкамі жыта, ячменя, пшаніцы. “Багач” ставіцца на стале да хлябоў. На заканчэнне заганялi на выгане статак i абносiлi вакол яго “багач”. Пасля свята яго ставiлi ў хаце пэўнага гаспадара i пакiдалi да наступнага жнiва (за гэта ён частаваў удзельнiкаў урачыстага абходу). Лічылася, што “Багач” павінен прыносіць усёй абшчыне, а асабліва таму “гаспадару”, у чыёй хаце ён знаходзіцца, дабрабыт, дастатак, здароўе, бо збіралі яго “усім мірам”. У гэтай хаце праводзілася абрадавае застолле. Багач стаяў у чырвоным куце пад абразамі цэлы год. У некаторых рэгіёнах Беларусі Багач абносілі вакол статка і ўважліва назіралі за сямейнікамі жывёламі, рабілі прагнозы на зіму: калі пасля Малой Прачыстай скаціна спяшаецца на поле вельмі рана, то і зіма будзе ранняя
Вядучы. Перавернем яшчэ адзін ліст календара. Свята Узвіжання – 27 верасня. Да гэтага дня ўсё павінна быць сабрана з палёў. Гэта апошні дзень, калі канчаткова развітваюцца з намі, ляцяць у вырай птушкі.
”Ключы ад лета – у шызай галачкі, і яна, адлятаючы ў вырай, замыкае яго і забірае з сабою ключы," — так гаворыць беларуская легенда.
Дзеці, а якіх пералётных птушак вы ведаеце? (Шпакі, ластаўкі, гусі, жураўлі.)
Вядучы.
У бязмежным небе роўненькім шнурочкам...
Жураўлі ў вырай мкнуцца над лясочкам.
Меншыцца шнурочак, у паднеб’і тае.
Вось ледзь-ледзь чарнее, міг — і прападае.
Вядучы. Не сумуйце. Прыгрэе вясновае сонейка, і птушкі вернуцца. Яны абавязкова вернуцца. А ў гэты дзень, дзеці, адбываецца яшчэ адна цікавая з’ява. Выпаўзаюць змеі і збіраюцца разам, каб падрыхтавацца да зімовага сну: “Ва Узвіжанне пару гадзюкі і вужакі хаваюцца ў нару”.
Вядучы. Давайце уявім, што мы пайшлі ў лес. Каго мы там сустрэнем?
(Цара змей са світай).
Цар-змей. Вы прыйшлі ў лясное царства і парушылі наш спакой. Няўжо вы не ведалі, што 27 верасня ў лес хадзіць строга забараняецца? Яд змей у гэты дзень смяротны. Вас чакае страшэнная кара!
Вядучы. Хутка ўцякаем… (пераварочваецца каляндар). Гэта Кастрычнік. А чаму гэты месяц у Беларусі так называюць?
(У гэты час лён трэплюць, а з яго сыплецца кастрыца.)
Лён трашчыць, ляціць кастрыца:
—Хто ўкалоцца не баіцца?...
Трэ, ляскоча церніца:
—Лён кашуляй вернецца!
Вядучы (гартае каляндар). 14 кастрычніка – свята Пакровы. Дзеці, у народзе кажуць, што ў гэты дзень зіма зачыняе лета. Часта ў гэты дзень выпадае снег. Само слова Пакровы азначае “пакроў, пакрывала Божай Маці”.
“Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом”. Пакроў – пачатак зімавання скаціны ў хляве “На Пакровы даў сена Карове” Па гэтым дні прадказвалі таксама надвор’е на зіму: “Калі на Пакровы снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу”. “Якое надвор’е на Пакровы, такім яно і будзе ўсю зіму”.
Вядучы (гартае каляндар). А як называецца апошні, трэці месяц восені? 
Дзеці. Лістапад.
Вядучы. А чаму так называюць?
(У гэтым месяцы ўсё лісце з дрэў ападае.)
Правільна. Нездарма такую прыказку склалі: “У лістападзе гола ў садзе”. 
Вядучы. Хочу даведацца, хто лепей за ўсіх вымаўляе асеннія скорагаворкі.
Вось такія:
1. Мяшкі вавёрка восенню пашыла,
Грыбоў, арэхаў, шышак насушыла.
2. Вецер рад у лістападзе
Пагуляць у голым садзе.
3. Скача чапля па балоце, чачотачка ў чароце,
А чубаты чачот топча, топча агарод.
4. Руды Рыгор гроб грыбы граблямі.

(Удзельнікі спрабуюць гаварыць скорагаворкі)

Вядучы. Лістапад – сумная пара... I дажджы я прыношу, і снег, і вецер. Холадна ў лесе звярам. Адны ў цёплыя футры апранаюцца, а другія у спячку кладуцца да вясны.
Вядучы. На Марціна (11 лістапада) мядзведзь кладзецца ў бярлогу і пачынае смактаць лапу. А можа, вы самі, дзеці, раскажаце, як звяры да зімы рыхтуюцца?
Раскажыце пра жывёл, выявы якіх вы бачыце на календары

 

ВАВЁРКА
У непаседлівай вавёркі
У дупле арэхаў горкі,
Сушаных грыбоў нямала
Восенню нарыхтавала.

ВОЖЫК
Вожык захаваўся ў лісце,
Да вясны яму не выйсці.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

МЯДЗВЕДЗЬ
Не бядуе мішка-лежань,
Што завее снегам снежань,
Ён да самае вясны
Будзе сніць спакойна сны.
 

 

ВОЎК
—Ці гатовы да зімоўкі?—
Запытаўся вецер воўка.
—У-У-У,—пачуў ён у адказ.—
А навошта мне запас!
Не патрэбны мне бярлогі,
Бо мяне пракормяць ногі.
 

Вядучы. Прапаную нам у кошык скласці вашу любімую садавіну і агародніну. Намалюйце тое, што больш за ўсё любіце есці з агароду і саду.

(Удзельнікі малююць)

Вядучы
Восень доўга ўспамінайце.
Дружна жывіце,
Хутка расціце,
Край свой любіце,
Ён за ўсё мілейшы,
За ўсё даражэйшы!
Восень прынесла ўсім салодкія пачастункі з пажаданнямі. Частуйцеся!
Да новых сустрэч!

1.jpg
2.jpg
3.jpg
4.jpg
5.jpg
6.jpg
bottom of page