Сцэнарый свята “Сёння ў нашай хаце свята”
Мэты і задачы: пазнаёміць вучняў з традыцыямі беларускага народа, яго культурнай спадчынай; звярнуць увагу школьнікаў на багацце беларускага фальклору; пазнаёміць са святам Вялікдзень і асаблівасцямі яго святкавання; далучыць вучняў да святкавання Вялікдзеня; паказаць, у якія гульні гулялі і якія песні спявалі нашы прашчуры на Беларусі; выхоўваць павагу, цікавасць да народных свят, любоў да роднага кутка.
Дзеючыя асобы:
Тата
Мама
Дзеці – 4 дзяўчынкі і 1 хлопчык
Хросная
(Дзеянне адбываецца ў звычайнай вясковай хаце. Пасярэдзіне залы стол, засланы саматканым абрусам. На стале – квас, яйкі, соль, каўбасы, вяндліна, хрэн, пірог. Гучыць беларуская народная песня, выходзяць вядучыя – тата і мама).
Тата. Паважаныя госці! Прывітанне вам!
Мама. Я – Яніна.
Тата. А я – Ясь.
Мама. Ад шчырага сэрца, ад вялікай душы мы запрашаем вас на фальклорныя пасядзелкі.
Тата. Добры дзень таму, хто ў гэтым даму. А людзей тут цераз край, хоць ты лыжкаю мяшай.
Мама. Добры дзень вам, а ці рады вы нам? Калі вы нам рады, мы вам да парады.
Тата. А прыехалі мы здалёку і прывезлі да паказу Пасхальныя пасядзелкі.
Мама. З глубокай даўнасці прыйшоў да нас гэты народны звычай Пасха – “цар дзён”. Свята святаў – так называюць гэты дзень. Яго святкуюць ярка, пышна, песенна, гучна.
Тата. Адным словам, давайце сядзем радком, ды пагаворым ладком.
Мама. І паклічам свята. Ды каб не толькі на гэтыя падмосткі, але ў сэрца, у душу, у думкі. Тады і свята – будзе святам.
(Гучыць музыка. Яніна выносіць на рушніку пачастункі)
Мама. Ясь, нешта дзетак нашых доўга няма дадому (глядзіць у акно).
Тата. Не хвалюйся, зараз прыбягуць. Можа, каго з родных сустрэлі ці да бабулі забеглі. Свята ж, Янінка!
Мама. Таму і хвалююся, што свята. К сталу трэба. Частавацца, святкаваць, Бога славіць.
(Ясь устае, падыходзіць да Яніны)
Тата. Ведаеш, Яніна, калі я быў маленькім хлапчуком, то вельмі чакаў усяночную. Тады маці паказала мне, што гэта служба – вялікі гімн, перамога жыцця над смерцю, прымірэнне Бога з чалавекам і чалавека з Богам.
Мама. Пасху ж святкуюць з даўніх часоў не толькі веруючыя, але і далёкія ад Бога людзі. Абы душа чысцінёй абмылася, ды каб усе мы зразумелі, што па жыцці трэба ісці толькі з любоўю, да ўсяго і да ўсіх.
Тата: Лічылася, што на Вялікдзень пачынае кукаваць зязюля. Дзяўчаты скакалі цераз сані: каторая, пераскокваючы, упадзе, застаецца старою дзеўкаю векаваць.
(Забягаюць дзяўчынкі-дочкі і сын-хлопчык)
1 дзяўчынка. Ой, мамачка, якое свята, як хораша!
2 дзяўчынка. А вясна якая цёплая, сонейка грэе…
Мама. Пасха! У трубы залатыя
Анёлы трубяць з нябёс…
Будзьце шчаслівы вы, дзеткі,
Радуйцеся! Хрыстос уваскрос!
3 дзяўчынка. А цётка Матрона казала, што сын Божы прыйшоў на нашу зямлю больш за 2000 гадоў таму назад, каб выратаваць людзей ад зла.
Тата. Так, дзеткі, так.
2 дзяўчынка. І ён нарадзіўся ад Бога – бацькі і Прасвятой Дзевы Марыі.
3 дзяўчынка. Тады яшчэ якраз зорка ўспыхнула на небе.
4 дзяўчынка. Усё жыццё Ісус Хрыстос сатвараў цуды: вылечваў хворых, уваскашаў памерлых людзей, усміраў стыхіі.
Мама. Ісус Хрыстос любіў людзей. А сваім вучням ён казаў, што яго заб’юць, але Бог уваскрэсіць яго на трэці дзень. Так і здарылася. І гэты дзень стаў самым вялікім святам – Пасхай. Сядайце за стол. Вось і хросная ваша.
Хросная. Дзень добры, кумочкі. Са святам вас, з вялікім днём!
Тата. Дзеці, вітайце хросную!
(Дзеці абдымаюць хросную)
Хросная. А я сваім хроснікам гасцінчык прынесла. Ведаеце, кажуць, што велікоднае яйка, атрыманае ад каго-небудзь першым, не псуецца цэлы год і мае велізарную сілу. Кума, давай умыем дзяцей вадой, у якую пакладзены залатыя і сярэбраныя рэчы, а таксама чырвонае яйка. Гэтым яйкам трэба пагладзіць тварыкі вашы, каб вы былі заўсёды румяныя і чырвонашчокія, здаровыя ды жвавенькія (гладзіць яйкам твары, прыгаворвае:”Як гэта яйка румянае ды круглае, няхай нашы дзеткі будуць румяныя ды крутыя, здаровыя ды жвавенькія”).
1 дзяўчынка. А я яшчэ ведаю, што пасхальнае яйцо – сімвал сонца, любві і надзеі.
Мама. А чаму, дзеткі, пасхальнае яйцо чырвонага колеру?
2 дзяўчынка. Чырвоны колер – гэта кроў Хрыста, якую ён праліў за грахі чалавечыя.
3 дзяўчынка. А я бачыла, што яйкі фарбуюць і ў іншы колер.
Хросная: Раней заўсёды фарбавалi яйкі ў шалупеннi з цыбулi ў чырвоны колер. Такiя яйкi называлiся крашанкi i выкарыстоўвалiся, як рытуальная ежа. Але былі яйкі і іншага колеру, які меў важнае значэнне:
*ярка жоўты – сiмвал сонца, вясенняга цяпла;
*блaкiтны – сiмвал неба, паветра, прасторы;
*зялёны – сiмвал абуджэння прыроды;
*чырвоны – сiмвал радасцi.
Тата. Вось тут кожнаму з вас асвенчанае пасхальнае яйцо. Пакаштуйце яго з солькай.
(Усе бяруць па яйку і макаюць у соль)
Хросная: Абрус, на якім стаяць велікодныя стравы, захоўвай, кумачка, нямытым цэлы год: ён ахоўвае ад граду. Пры з’яўленні хмар рассцялі яго на двары і ніякага перуна не бойся.
Мама: Дзеткі, парадуйце нас чым-небудзь у такое цудоўнае свята.
3 дзяўчынка. Песняй.
4 дзяўчынка. І карагодам.
(Спяваюць і танцуюць)
Свяці, свяці сонейка, каб было нам цёпленька,
Ой лю-лі, лю-лі, каб было нам цёпленька.
Ой лю-лі, лю-лі, каб было нам цёпленька.
Яечкі катаючы, песенкі спяваючы,
Ой лю-лі, песенкі спяваючы.
Ой лю-лі, лю-лі песенкі спяваючы.
Хросная. Ай, дзякую.
Мама. І на сэрцы так хораша, так лёгка (глядзіць у акно).
1 дзяўчынка. А я ведаю верш пра Вялікдзень. Паслухайце:
Ірына Багдановіч “Вялікдзень”
Асвечанай вярбы пукатыя галіны,
Дакладны знак на адыход зімы.
Час роспачы мінуў! Адпушчаны правіны!
Такі шчаслівы дзень! Хрыстос васкрос!
2 дзяўчынка і хлопчык: І мы рыхтавалі на свята верш.
Янка Купала “Вялікдзень”
Два святы на свеце – ад нівы да нівы:
Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!
Глянь смела, глянь вольна, шчасліў, нешчаслівы.
I далей к жыццю з паніжэння і сна!
Гэй, гэй, на спатканне вялікіх двух святаў
Спяшыце супольна, хто ў путах не згніў!
Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты
У адно ўсе грамады, усе людзі ўсіх ніў!
Вялікдзень! Вялікдзень! – ад нівы да нівы.
Забыў не адзін з нас нядаўныя дні,
А ўспомні-прыпомні, шчасліў, нешчаслівы,
Аб тых, што ў світанні навек адышлі, –
Вялікдзень! Вялікдзень! – ад нівы да нівы
Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.
Зірні ж, азірніся, шчасліў, нешчаслівы.
I заўтра на поле да сох як адзін!
Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,
Адвечных не можам пазбыціся сьлёз...
Наперад па шчасце! Хай злое ўсё дрогне
Вясна ўжо на свеце, – Хрыстос уваскрос!
Мама: О, мае вы даражэнькія! Дзякуй вам за такія словы. А зараз усе частуйцеся святочнай Пасхай. Кожнаму па кавалачку. Смачна есці.
(Частуюцца караваем)
3 дзяўчынка (падскоквае). Мы вам частушкі праспяваем ад душы.
Мы танцуем і спяваем,
Аж зямеліца дрыжыць,
А на мяне маладую
Мой міленькі глядзіць.
Бубен б’е, гармонь іграе,
Памагае ім дуда,
Без гармоні і дуды
Ногі ходзяць не туды.
А ці піць, ці пець,
А ці пагуляці,
Як у вас, дык у нас
Весела ў хаце.
Весяло, весяло,
Колькі прыгажосці.
Прыязжайце, сябры,
Да нас у госці.
1 дзяўчынка. Мама, тата, хросна! А якія яшчэ ведаеце вы пасхальныя звычаі?
Тата. У гэты дзень старыя людзі расчосвалі валасы з пажаданнямі, каб у іх было столькі ўнукаў, сколькі валос на галаве.
Мама. Мыліся з золатам, са срэбрам, каб разбагацець.
Хросная. Маладыя хлопцы і дзяўчаты ўзбіраліся на дахі дамоў, каб лепей разглядзець, як будзе граць і весяліцца сонейка. Калі гэта ўбачаць – цэлы год будзуць весяліцца.
Мама. Забыліся пра яшчэ адзін даўнейшы звычай. Мы ўсе хрыстосуемся на Пасху, цалуем адзін аднаго і гаворым: «Хрыстос уваскрос”.
(Усе разам абдымаюцца)
Усе. Сапраўды ўваскрос!
Хросная. А вось гэта вам, каб смутку не было, каб дарогай лягчэй ішлося, каб смачна елася, шчасліва жылося (раздае падарункі хрэснікам).
Мама. Дзякуй вам, дзеткі, што падарылі нам мора свайго цяпла, цудам душа паўна. І няхай у гэты светлы дзень на сэрца не ляжа ніякая цень. І будзем мы славіць свет вялікіх нябёс, бо сёння о, цуда, Хрыстос уваскрос!
Усе. Сапраўды ўваскрос!