top of page

Сцэнарый свята “Калядная батлейка”

Мэты і задачы: пазнаёміць вучняў з традыцыямі беларускага народа, яго культурнай спадчынай; звярнуць увагу школьнікаў на багацце беларускага фальклору; пазнаёміць з батлеечным народным тэатрам, асаблівасцямі яго паходжання і стварэння, паказаць батлеечнае прадстаўленне «Цар Ірад»; далучыць вучняў да святкавання Каляд; паказаць, у якія гульні гулялі, выхоўваць павагу, цікавасць да народных свят, любоў да роднага кутка.

 

Дзеючыя асобы: калядоўшчыкі, вядучы.

 

Уваходзяць у хату пад песню “Добры вечар” у выкананні ансамбля “Харошкі” .


УСЕ: Добры дзень вам!

Мы да вас ідзем,

Каляду вядзем.

Дазвольце ў хатку зайсці

А людзей тут цераз край,.

Хоць ты лыжкаю мяшай!.

А ці рады вы нам?
Не чуем?

 

 А яшчэ ў прывітанні пажадаць мы вам хацелі.

 Каб ад нашага спаткання вы ўсе памаладзелі

 Каб не ведалі вы злосці.

 Каб жылі ў весялосці

 Усім ад краю і да краю

 Шчасця і дабра жадаем!

 

Вядучы:

Каляды – свята дахрысціянскае, народнае і працягваецца цяпер з 6 студзеня па 19 студзеня, а раней адзначалася з 24 снежня да 6 студзеня. Калі прыйшло да нас хрысціянства, людзі не жадалі адракацца ад традыцый, што гартаваліся стагоддзямі, і нічога не заставалася, як аб’яднаць новае і старое, святы паганскія і святы хрысціянскія, і таму першы дзень Каляд супадае са святам Божага Нараджэння, а апошні – з Вадохрышчам. Першапачаткова ж людзі адзначалі зусім не нараджэнне Хрыста, а пачатак адліку новага года. З першага дня Калядаў пачынала павялічвацца даўжыня светлавога дня  пасля зімовага сонцастаяння – нашы продкі лічылі, што так нараджаецца новае сонца.

Ёсць розныя версіі паходжання назвы Каляды – сугучнае з ёю слова “кола”, а гэта і старажытная назва сонечнага дыска, слова “календы”, што ў перакладзе з лацінскага пазначае першы дзень кожнага месяца. Магчыма, меўся на ўвазе і працэс – калядоўшчыкі хадзілі па хатах, дзе іх частавалі, а потым разам з’ядалі пачастунак, нібы перадаючы ежу па коле (“кол-яда”).

Чым былі прыкметныя Каляды? Тым, што рыхтаваліся да іх загадзя і вельмі шчыра – хата прыбіралася, наводзіўся парадак на падвор’і, гаспадары мыліся ў лазні. На калядных тыднях нельга было працаваць, а вось весяліцца было вельмі пажадана.

Адзін з калядоўшчыкаў:

 

Усіх зараз пачастую
Пышнымі аладкамі,
Зацікаўлю, зачарую
Песнямі, загадкамі.

 

  • Без голасу вые, а без рук абрусы сцеле. (Мяцеліца.)

  • Улетку адпачываюць, а ўзімку дзяцей катаюць (Санкі).

  • Гуляе ў полі, а не конь, лётае на волі, а не птушка (Вецер).

  • Без сякеры, без пілы, а масты будуе (Мароз).

  • Ляцяць птушкі без крыл, а садзяцца без ног. (Сняжынкі)

 

Другі калядоўшчык:

На Каляды ўсе гадаюць. Давайце і мы пагадаем.

Дзяўчыны, пад ніткамі знаходзяцца нейкія прадметы: вузельчыкі з соллю, зямлёю, цукрам, хлебам, пярсцёнкамі і шчотка для льну. Вы па чарзе цягніце.

(Дзяўчыны па чарзе выбіраюць вузельчыкі з ніткамі)=

Значэнне выбранага:

цукар – добрае, салодкае жыццё,

хлеб – багатае жыццё,

пярсцёнак – малады жаніх,

шчотка –стары жаніх,

зямля – шчаслівы год,

манетка — год багаты,

цукерка —год  салодкі,

гузік —год  прыгожы,

аловак — год паспяховы для вучобы.

 

 

Трэці калядоўшчык:

Ну, музыка, грай, грай,

Да гуляння запрашай!

 

Гульня “Блін гарыць”.

Мэты:

Садзейнічаць развіццю хуткасці, спрытнасці, хуткасці рэакцыі.

Змест:

Гуляючыя чэрцяць на зямлі круг, у які і становяцца. Лавец, стаўшы спінай да круга на адлегласці 3 – 4 м., гаворыць: “Блін гарыць!”. Усе выбягаюць з круга, але адразу ж імкнуцца забегчы ў яго зноў. Лавец у гэты час спрабуе запляміць каго-небудзь з ігракоў. Той, каго заплямілі, становіцца лаўцом, і гульня працягваецца. Лавец мае права пляміць ігракоў, якія знакодзяцца са знешняга боку круга.

 

Гульня “Золата”.

Мэты:

Садзейнічаць развіццю хуткасці рэакцыі, спрытнасці, назіральнасці.

Інвентар:

“Золата” – невялікі каменьчык, гузік, манета.

Змест гульні:

Гуляючыя садзяцца ў рад. Вядучы непрыкметна хавае “золата” ў руках каго-небудзь з ігракоў. Потым ён адыходзіць на 3 – 4 крокі і крычыць: “Золата, да мяне!”

Той, у каго схавана “золата”, павінен усхапіцца і бегчы да вядучага. Але ўсе ўважліва сочаць адзін за адным і імкнуцца затрымаць іграка з “золатам”. Калі яму не ўдаецца выскачыць з рада, гульня пачынаецца спачатку, калі ж удаецца, - ён становіцца вядучым, а вядучы займае яго месца. Гульня працягваецца. Гуляючыя не павінны падаваць выгляду, што “золата” ў іх няма.

 

Вядучы:

А цяпер запрашаем усіх у батлеечны тэатр

Паказ прадстаўлення “Цар Ірад”.

https://knihi.com/Roznaje/Car_Irad.html

 

Пасля прадстаўлення ўсе выходзяць на паклон і разам абвяшчаюць:

А цяпер здаровы бывайце,

Праз год нас чакайце.

Жадаем вам здароўя, шчасця,

Каб не было нянасця,

Каб ваша хата была заўсёды багата!

bottom of page