top of page

Сцэнарый беларускага народнага свята "Саракі" “Жаўраначкі прыляціце, цёпла лецейка прынясіце”

Мэта: садзейнічаць паглыбленню ведаў вучняў пра беларускае народнае свята Саракі.

Задачы:

развіваць этнаграфічную культуру вучняў;
выхоўваць цікавасць да народных традыцый, абрадаў, звычаяў.

 

Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце,
А зімачку прыбярыце,
Бо зімачка надаела,
Нам хлебушак пераела.
Жавароначкі, прыляціце
I дожджыкам напаіце,
Каб травачкі парасцілі,
Каб волікаў накармілі.

​

Жаваранак – ранняя птушачка, якая прылятае, каб крыгі крыламі разбіць, марозы нагамі растаптаць.
-    А пайшліце на рэчку, па лёдзе пакоўзаемся! (Не, нельга сёння на рэчку)
-    Чаму? 
           А сёння яшчэ і Саракі. У народзе кажуць: На Саракі — не суйся блізка да ракі. Ці ведае хто, што гэта за свята такое? Чаму так называецца?
-    Спачатку адгадайце мае загадкі і самі ўсё зразумееце! Згодны?

 

загадкі пра птушак:

Праз горы, даліны, 
Праз тысячы сёл 
3 далёкай краіны 
Вярнуўся пасол. 
Спаважны, чыноўны, 
Ён стаў на страсе 
У ботах чырвоных, 
Каб бачылі ўсе. (Бусел.)

 

У пагодлівы дзянёк 
Недзе з паднябесся 
Пералівісты званок 
Славіць працу песняй. (Жаўранак.)

 

Спераду шыльца,
Ззаду вільцы,
Наверсе чорная палатка,

Спінка роўна ды гладка. (Ластаўка.)

​

Мабыць, ён не зведаў гора, 
Не хадзіў ніколі голы. 
Бо, як лета на дварэ 
Усё вопратку дзярэ. (Драч.)


-    Ну што, зразумелі, чаму свята мае такую назву? (Так, бо ў гэты дзень птушкі з выраю вяртаюцца).
-    Так-так, даўней казалі, нібы на Саракі прылятае сорак выраяў і ўжо канчаткова прыходзіць вясна. Але ёсць меркаванне, што па царкоўным календары назва свята пайшла ад сарака чалавек, што пакутавалі ў Севасційскім возеры каля 369 года. 
-    Пра гэтае свята шмат прыказак складзена ў народзе. Ці ведаеце іх, дзеці?
 

Дзеці ўспамінаюць прыказкі і прымаўкі на свята “Саракі”. Можна раздаць, дзеці будуць чытаць.

На Саракі пайшла зіма да ракі.
На Саракі ў адзін дзень сорак марозаў.
На Саракі вылятае сорак выраяў.
На Саракі дрэвы адпушчаюцца.
На Саракі мужык пытаецца, ці далёка да ракі.
Святыя Саракі ў поле саху валаклі.
На Саракі прыляцелі з-за мора птакі.
На Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца.
На Саракі – не суйся блізка да ракі.
На Саракі вылятае з цёплага краю вястун вясны жаваранак, пасля яго гракі, што бывае за 12 дзён да адкрыцця вады.
 

-    А ці ведаеце, як гэтае свята  адзначалі гаспадыні?
-    А гаспадыні выпякалі ў гэты дзень для дзяцей 40 жаваранкаў з цеста і клалі  ў адзін з іх «саракоўку» — 20 капеек. Каму яна дастанецца — той будзе шчаслівы. І я для вас, мае дзеткі, прыгатавала печыва. Частуйцеся, калі ласка.

​

​

​

​

​

​

​

​

​

​

​

​

​

-    А цяпер я раскажу, як праводзіла час моладзь у гэты дзень. Хлопчыкі павінны былі, закрыўшы вочы, падабраць на двары сорак трэсак і высыпаць іх пад печ або перакінуць цераз хату. 
-    А што будзе, калі ў нас атрымаецца?
-    Вясною знойдзеце сорак птушыных гнёздаў або сорак качыных яек.
-    А вы, прыгажуні, што засумавалі? Ці  ведаеце, чым займаліся дзяўчаты ў гэта свята?
-    Свае забавы былі і ў дзяўчат: яны пераломвалі 40 галінак і перарывалі 40 вяровачак і шнуркоў. 
-    Навошта яны гэта рабілі?
-    Прадметы, што пераломваліся і разрываліся, сімвалізавалі сабою сілы, якімі была скавана зямля, і выкананне гэтага абраду мела сваёй мэтаю наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду.
-    А яшчэ дзяўчаты хадзілі гукаць вясну на Саракі. Заводзілі карагод і спявалі песні-вяснянкі.

 

Дзяўчаты выходзяць, становяцца ў карагод і спяваюць.

Жавароначкі, прыляціце,
Вясну красную прынясіце,
Каб сонейка засвяціла,
Каб снег белы растапіла,
Каб садзікі расквяціла.

​

Жавароначкі, прыляціце,
Зямлю-матухну абудзіце
І дожджыкам напаіце,
Каб травачкі парасціла,
Каб волікаў накарміла.

​

Свята песенькай сустракаем,
Вясну весела мы гукаем:
"Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце"
"Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце"

​

Ходзім радасна карагодам,
Выглянь, сонейка, дай пагоду!
"Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце"
"Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце"

​

Шчасце-долечку мы гукаем,
Мы зямлю сваю адмыкаем.
"Жавароначкі, прыляціце,
Зямлю-матухну абудзіце"
"Жавароначкі, прыляціце,
Зямлю-матухну абудзіце"

​

Жыта-жыцейка хай рунее,
Кветкі-красачкі хай квітнеюць.
"Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце"
"Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце"

​

Свята шчырае мы сустрэлі.
Шчыра песеньку мы прапелі:
"Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце"
"Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце"

© 2017 «Музей Дружбы народов». Сайт создан на Wix.com

bottom of page