БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЖАНОЧЫ КАСЦЮМ
БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЖАНОЧЫ КАСЦЮМ
Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі талент і працалюбства бацькоў, продкаў, тое, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа, яго душу, яго імкненні, тое, што кожнае пакаленне павінна шанаваць і памнажаць.
Свая, цудоўная спадчына ў беларускага народа. Стагоддзямі, узбагачаючы і ўдасканальваючы, нягледзячы на цяжкія гістарычныя ўмовы, на ліхалецці войнаў, выраблялі беларусы ўзоры народнага мастацтва, у якім сцвярджалі свой эстэтычны ідэал, у якое ўкладвалі тонкі густ і высокае майстэрства. Адыходзіла і гублялася многае – лёс не песціў беларусаў. Але і тое, што засталося, раскрывае перад нашым сучаснікам па-мастацку дзівосны, па-філасофску мудры свет народа – пранікнёнага творцы і ашчаднага хавальніка лепшага, таленавітага.
Яркім здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі з’яўляецца народнае адзенне. Сфарміраванае ў выніку доўгіх і складаных працэсаў развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, яно больш, чым іншыя сферы побыту, адлюстроўвае нацыянальную спецыфіку беларусаў. Таму лічыцца, што пасля мовы народнае адзенне – найважнейшая этнічная прыкмета.
Згодна народным уяўленням, прыгажосць жанчыны заўсёды атаясамлівалася не толькі са знешнім выглядам, але і з яе працавітасцю, умельствам, густам. Калі надыходзіла пара выходзіць замуж, дзяўчына рыхтавала бацькоўскай сям’і і жаніховай радні багата аздобленыя кашулі, наміткі, паясы, ручнікі. Гэтым яна сведчыла свае здольнасці, рупнасць, кравецкі і вышывальны спрыт.
Дэкор касцюма беларускіх сялян суладны з пяшчотнай мелодыяй народнай песні, мяккай пластыкай нацыянальнага танца, строгай велічнасцю драўлянага дойлідства. Цесная ўзаемасувязь і танальная зладжанасць мастацтва народнага касцюма з усімі праявамі творчай дзейнасці беларускага сялянства, з абрадамі, звычаямі – адна з самых яго вызначальных рыс. Як і ў іншых відах народнага мастацтва, у традыцыйным касцюме мы назіраем тэктанічную яснасць і пластычную выразнасць, паэтычную сілу і ліра-эпічную напружанасць. Маляўніча аздоблены, ён хораша ўпісваўся ў беларускі пейзаж, адпавядаў інтэр’еру сялянскай хаты з яго самабытнай мэбляй, ручнікамі, абрусамі.
Гістарычнае развіццё беларускага народнага адзення адбывалася ў непасрэднай сувязі з прыродна-кліматычнымі і сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. Засцерагаючы чалавека ад холаду і спёкі, адзенне адпавядала таксама маральным патрабаванням, задавальняла эстэтычныя густы. У розныя часы і па-рознаму яно выконвала магічную і абрадавую функцыі, служыла сродкам адрознення паводле сацыяльнага паходжання, роду заняткаў. Па састаўных частках касцюма, спосабу нашэння, па кампазіцыйна-дэкаратыўнаму афармленню, каларыту і арнаментыцы можна было дазнацца, з якой мясцовасці чалавек, якое яго сямейнае становішча, узрост.
Сама назва – Беларусь, як мяркуюць некаторыя гісторыкі, этнографы, паходзіць ад таго, што ўлюбёным колерам адзення беларусаў быў белы. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці свята, надзяваць на вяселле ці радзіны, з выпадку радасці ці жалобы.
Менавіта жаночы касцюм з найбольшай яркасцю і паўнатой увасабляе мастацкае мысленне народа, багацце яго фантазіі, развітасць густу і пачуццё меры. Ён найбольш яскравая і пераканальная частка рукатворнай спадчыны беларускага народа.
Самабытнасць жаночага касцюма вызначае самабытнасць нацыянальнага касцюма беларусаў увогуле. Так, найважнейшая частка адзення – кашуля, якую насілі ў любым узросце, сацыяльным і сямейным становішчы, у будні і святочны дзень, – увабрала ў сябе, як у фокус, характэрныя канструкцыйныя прыёмы і дэкаратыўныя прынцыпы беларускага касцюма.
У залежнасці ад крою ў жаночай кашулі вылучаюцца тры асноўныя тыпы:
- тунікападобная;
- з прамымі плечавымі ўстаўкамі;
- з гесткай.
Каля адкладнога, радзей стаячага каўняра тканіна прызбіралася і аблягала шыю, а спераду каўнер завязваўся чырвонай жычкай або зашпільваўся на шпонку ці гузік; прызбіраўся на каўнерац і ніз рукава. Найбольшую ўвагу звярталі на ўпрыгожанне рукавоў, што звязана з мастацкай тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную, сілу чырвонага рамбічнага арнаменту, які нібыта засцерагаў рукі ад злых духаў, надаваў моц і дужасць як асноўным у працы.
Разнастайнае паясное адзенне беларускіх жанчын: многія віды спадніц (андарак, палатнянік, саян, летнік), панёвы, фартухі. Іх кроілі з некалькіх прамавугольных полак і багата аздаблялі. Дэкаратыўны малюнак спадніцы і панёвы – клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце.
Кампазіцыйна-арнаментальнае вырашэнне фартуха адпавядала вырашэнню кашулі і гарманізавалася з ёю. Апрача таго, фартух упрыгожваўся карункамі, махрамі і быў прыкметнай часткай касцюма.
У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў таксама гарсэт. Звычайна ён меў выгляд кароткай безрукаўкі, якая шчыльна абхоплівала стан і рабіла фігуру зграбнай і жаноцкай. Шылі гарсэт пераважна з мануфактурных тканін (аксаміт, парча, шоўк) чорнага, блакітнага, малінавага колеру, кроілі з глыбокім выразам пазухі і баскай па нізе, якая вырашалася фальбонамі ці клінамі, аздаблялі нашыўкамі стужак, тасёмак, гузікаў.
Абавязковым элементам комплексу быў рознакаляровы, звычайна чырвона-зялёна-белага арнаменту, пояс – тканы, плецены ці вязаны, з кутасамі, махрамі або пампонамі.
Прычоскі і галаўныя ўборы строга залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. Традыцыйная прычоска дзяўчат – адна ці дзве касы з уплеценымі каснікамі, а галаўныя ўборы – перавязкі накшталт вузкіх ручнічкоў (скіндачка, шлячок), вянкі.
Замужняй кабеце не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Адсюль – большая складанасць і разнастайнасць галаўных убораў. Па сваёй будове яны падзяляюцца на
- ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка),
- рагацістыя (галовачка, сарока, рожкі),
- каптуровыя (каптур, чапец).
Самы пашыраны і самы адмысловы ўбор – намітка. Яна мноствам спосабаў павівалася вакол галавы на спецыяльным каркасе, канцы яе прыгожа драпіраваліся на спіне, а постаць жанчыны атрымлівала выключную статнасць і велічнасць.
Будзённым абуткам жанчын служылі лапці, святочным – скураныя пасталы і чорныя хромавыя чаравічкі.
Верхняя жаночая вопратка шылася з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, латушка, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок, казачына). Дэкаратыўнасць найбольш выяўлялася ў святочных світах і кажушках, якія па-майстэрску кроіліся, упрыгожваліся шнурком, аплікацыяй, вышыўкай. Кажухі і кажушкі былі белыя недублёныя, пазней чырвона-вохрыстыя дублёныя.
Элементы беларускага нацыянальнага жаночага касцюма выкарыстоўваюцца і зараз.
ПРИГЛАШАЕМ ВСЕХ ЖЕЛАЮЩИХ
ПРИНЯТЬ УЧАСТИЕ В ВИКТОРИНЕ